Дзень роднай мовы

22.02.2018

 “Размаўляй са мной па-беларуску!” - пад такім  дэвізам прайшоў  Дзень роднай мовы ў школе. З гэтай нагоды з самага ранку ў школе распачалася акцыя “Мае любімыя беларускія словы”. Вынікі паказалі, што самыя любімыя словы – гэта “калі ласка”, “матуля”, “каханне”, “дзякуй”, “ радзіма”,”бабуля”,”кветка”,”добры дзень”. 

 У школьнай бібліятэцы для вучняў 5- 11 класаў была арганізавана кніжная выстава  “Дзень роднай мовы”.

Мову родную люблю я — пад такім  дэвізам прайшла пазнавальная гульня для вучняў 5-7 класаў.

 

А вось вучні 8 - 11 класаў удзельнічалі ў конкурснай праграме, прысвечанай Дню роднай мовы. Каманды “Півонія” і “Валошка” спаборнічалі ведамі ў галіне мовы, літаратуры, гісторыі і культуры Беларусі. 

Яшчэ раз усе ўдзельнікі мерапрыемстваў ўпэўніліся, як прыгожа і душэўна гучыць роднае беларускае слова. Адзінай была іх думка: беларуская мова мілагучная і яскравая, на ёй можна выказацца поўна, дасканала і зразумела. Гэта адна з найпрыгажэйшых моў ў свеце, а каб яе ведаць, на ёй размаўляць, трэба яе старанна вучыць і не цурацца роднай матчынай мовы. І калі ў школе праводзяцца такія мерапрыемствы і вучні, наша маладое пакаленне, з такой цікавасцю, з такой адказнасцю да іх адносяцца,  хочацца верыць у тое, што

Жыць будзе Беларусь – мая старонка,

Сярод зямлян жыць будзе беларус!

А разам з беларусам будзе жыць  прыгожая, мілагучная беларуская мова!

Вяртаючыся дадому з добрымі ўражаннямі, удзельнікі мерапрыемстваў пагадзіліся, што пра родную мову трэба памятаць не толькі ў Міжнародны дзень роднай мовы, а кожны дзень, дзе б ты ні быў, куды б цябе ні закінуў лёс. У гэтым, напэўна, і заключаецца наша любоў да Радзімы і роднай беларускай мовы.

І.М.Ігнатовіч